Першыя бахаі ў Мінску з’явіліся ў 1989-1990 гг. Гэта стала магчымым дзякуючы сям’е Вольгі і Хельмута Вінкельбахаў (Вольга – расіянка, Хельмут – немец, яны пазнаёміліся ў Бабруйску, там жа пабраліся шлюбам у 1981 г.).

Атмасфера галоснасці на хвалі перабудовы грамадскага лада дазволіла адкрыта распавядаць пра новую рэлігію. Сярод зацікаўленых было шмат моладзі, настаўнікаў, сяброў мінскага клуба эсперанта.

Першапачаткова пра Веру расказвалі на невялічкіх вечарынах, якія ладзіліся па кватэрах.


У сакавіку-красавіку 1991 г. у бібліятэцы Янкі Купалы адбылося першае публічнае мерапрыемства: выстава “Брама і Слава Божая”, цалкам прысвечаная Веры бахаі.


Будаваць суполку дапамагалі бахаі, што прыязджалі з розных краін свету, такія як піянеры Мэры Джэнісан з Вялікабрытаніі (1990), Эстэр і Білл дэ Талі з ЗША (1991-92), вандроўныя настаўнікі Луіс Хейнсварт з Вялікабрытаніі, Хушанг Пезешкян, Кора Забіхі з Германіі, Чад Сміт з ЗША, Мусафар Намдар з Фінляндыі, а таксама эсперантыстка Анягрэт Маер з Германіі і пярсідская спявачка Ачдзійе Паграфан з 12-гадовым сынам Хусейнам. У той перыяд пра вучэнне бахаі пісала газета “Знамя юности” і іншыя перыядычныя выданні.

У верасні 1991 г. колькасць дарослых бахаі ў Мінску дасягнула дзевяці. Гэта было дастатковым, каб абраць Мясцовы Духоўны Сход – адміністрацыйную і духоўную ўстанову для дадзенай мясцовасці. Першы ў Беларусі Духоўны Сход бахаі быў абраны першымі днямі кастрычніка 1991 г.
Духоўны Сход пачаў праводзіць малітоўныя сустрэчы, вечарыны, дзе абмяркоўваліся розныя жыццёвыя пытанні з апорай на Святыя Пісанні. У розных формах на такіх мерапрыемствах выкарыстоўвалася творчасць сяброў: музыка, спевы, вышыванне, выяўленчае мастацтва.


Для сусветнага кангрэса бахаі (1992) быў выраблены сцяг мінскай суполкі. Сярод 200 сцягоў, што былі дастаўленыя ў Нью-Йорк з усіх куткоў планеты, ён апынуўся адзінай працай, якая прыехала з тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Вялізнае палатно, вышытае рукамі юных і сталых мінчукоў, атрымала высокую адзнаку з боку аргкамітэта кангрэса.


Вялікая праца была здзейснена, каб распрацаваць і “адпаліраваць” Статут рэлігійнай суполкі. Дакументы па рэгістрацыі былі пададзены на разгляд мясцовым органам улады.

Кастрычнік прынёс хвалюючую навіну: Мінскі гарвыканкам афіцыйна зарэгістраваў мінскую суполку паслядоўнікаў Веры бахаі (рэгістрацыйнае пасведчанне № 26 ад 12 кастрычніка 1992 г.).

За 1992 год колькасць мінскай суполкі павялічылася ўдвая: да 18 чалавек.
На праспекце Ф. Скарыны (цяпер – праспект Незалежнасці) была набыта вялікая кватэра, якая стала Цэнтрам бахаі.