Віцебская суполка бахаі

Віцебская суполка бахаі – адна з першых і найбольш актыўных суполак у Беларусі

Віцебская суполка бахаі

Першыя бахаі з’явіліся ў Віцебску ў 1993 годзе. У 1994 годзе колькасць бахаі дасягнула 10 чалавек, і таму ў горадзе ўпершыню можна было абраць Мясцовы Духоўны Сход. У 1996 годзе аблвыканкам афіцыйна зарэгістраваў віцебскую суполку бахаі.

Што адбываецца цяпер

На сённяшні дзень у нашай суполцы:

  • адбываюцца рэгулярныя малітоўныя сустрэчы альбо так званыя куткі спакою, прымірэння і душэўнага адпачынку;
  • адзначаюцца святы і Святыя Дні, звязаныя з падзеямі Веры Бахаі, якія даюць нагоду сустрэцца ў духоўнай, святочнай атмасферы, пагутарыць і абмеркаваць надзённыя справы і патрэбы.

Традыцыйна склалася так, што кожны год віцебская суполка бахаі імкнецца ператварыць Наўруз (Новы год) у сапраўды вялікае і прыгожае свята. Некалькі гадоў запар суполка бахаі запрашала ў гэты дзень як саміх віцяблянаў, так і сяброў з іншых гарадоў і нават краін. У нашай памяці захаваліся вельмі яркія Наўрузы ў рэстаранах “Лямус” і “Залаты дракон”, у Англійскім культурным цэнтры з падрыхтаванай праграмай: фотаслайды, танцы народаў свету, песні, прыпавесці, гульні, віктарыны. Некаторыя з гэтых святаў наведалі афіцыйныя прадстаўнікі гарвыканкама і райвыканкама, а таксама загадчыца кафедры філасофіі ВДУ ім. П. Машэрава, якая напісала два артыкулы пра Веру Бахаі для навуковых зборнікаў.

  • Гурткі духоўнай адукацыі і самаразвіцця паводле ўнікальнай методыкі, якая не патрабуе настаўніка з пэўным наборам ведаў, але дае групе магчымасць разглядаць розныя бакі пытання, выказваць меркаванні, дзяліцца досведам, працаваць з цытатамі, пытаннямі і практыкаваннямі, якія скампанаваныя зручна, лагічна і паслядоўна, але якія пры жаданні можна творча адаптаваць. Абмяркоўваюцца такія тэмы, як сэнс жыцця, жыццё і смерць, прырода душы, малітва як пажытак для душы, выхаванне і навучанне дзяцей, гісторыя Веры Бахаі і г.д.
  • Дзіцячыя класы (духоўнага і маральнага выхавання і навучання), дзе дзеці займаюцца паводле праграмаў развіцця дабрадзейнасці і творчых здольнасцяў, такіх, як спевы, маляванне, вышыванне, майстраванне, а таксама развіцця камунікатыўных здольнасцяў, то бок здольнасцяў стасавацца з іншымі людзьмі. У гэтым дзецям дапамагаюць гульні на супрацоўніцтва.
  • Гурток па вывучэнні англійскай мовы.
  • Удзел у стварэнні і правядзенні ток-шоу на моладзевыя тэмы.

“Найвышэйшая Істота кажа: “О, дзеці чалавечыя! Асноўная задума, што адушаўляе Веру Боскую і Закон Яго, палягае ў абароне інтарэсаў роду чалавечага і ўмацаванні яго адзінства, распаўсюджванні духу любові і сяброўства паміж людзьмі”.
— Бахаула

Цягам апошніх гадоў віцебская суполка правяла шэраг мерапрыемстваў:

  • публічныя прэзентацыі з удзелам дзеячаў мастацтва (спевакоў, музыкантаў, мастакоў);
  • выставы карцін, семінары;
  • летнія школы;
  • велапрабегі;
  • творчыя майстэрні;
  • моладзевыя і паэтычныя вечары;
  • праекты танцавальных груп;
  • семінары і канферэнцыі па развіцці жаночага руху;
  • супрацоўніцтва і дапамога дзіцячаму дому;
  • распаўсюд кніг па бібліятэках;
  • запрашэнне гасцей з замежжа;
  • развіццё клуба аматараў англійскай мовы;
  • арганізацыя дапамогі сем’ям алкаголікаў (група Ал-Анан).
Белорусский рейтинг MyMinsk.com