Храмы бахаі – Дамы Пакланення альбо Машрыкуль-Азкар (араб. “Месца ўзыходу хвалы Божай) – адчынены для ўсіх людзей незалежна ад веравызнання. Малітоўныя праграмы прапаноўваюць чытанне малітваў і Святых Пісанняў (як Веры бахаі, так і іншых рэлігій). Малітвы часта прамаўляюцца нараспеў.

На дадзены момант ў свеце было пабудавана восем храмаў бахаі, адзін з іх (у Ашгабадзе) быў разбураны. Цэнтральныя Дамы Пакланення можна сустрэць на кожным кантыненце: у Аўстраліі, Германіі, Заходняй Самоа, Індыі, Панаме, ЗША і Угандзе. У цяперашні час ідзе будаванне кантынентальнага Дома Пакланення Паўднёвай Амерыкі.

Кожнаму чалавеку дазваляецца зайсці ў храм і самастойна ўзнесці малітвы. Храмы адрозніваюцца па сваёй архітэктуры, але агульнай асаблівасцю з’яўляецца цэнтральны купал і дзевяць уваходаў, якія сімвалізуюць адзінства і адкрытасць для ўсіх.

«О людзі сусвета! Будуйце ва ўсіх землях Дамы Пакланення ў імя Таго, хто ёсць Гасподзь усякай веры. Надавайце ім усю дасканаласць, якая толькі магчыма ў свеце быцця, і ўпрыгожвайце іх тым, што ім належыць, але не абразамі і кумірамі. І тады, у ззянні і радасці, узнасіце там хвалу Госпаду вашаму, Найспагадліваму. Сапраўды, памінанне Яго суцяшае вочы і напаўняе святлом сэрцы». Бахаула. Кітаб-і-Агдас.