Абдул-Баха - «слуга Баха»

Ад Усхода да Захада Абдул-Баха набыў вядомасць як пасол міра, як чалавек, што служыць для ўсіх узорам і ўзначальвае новую Веру

Абдул-Баха: Прыклад жыцця бахаі

Унікальнасць ролі Абдул-Баха

Выключнае становішча, прызначанае для Абдул-Баха Блаславёнай Дасканаласцю, відавочнае з наступнага ўказанага ім самім урыўка: “Калі адхлыне акіян Майго Быцця і завершыцца Кніга Майго Адкрыцця, звярніцеся да Таго (Абдул-Баха), Хто выбраны Богам і Хто ёсць Галінай ад гэтага Старажытнага Кораня”. Далей... “Па ўсіх пытаннях, незразумелых для вас у гэтай кнізе, звярніцеся да Таго, Хто нарадзіўся ад гэтага магутнага камля”. Сам Абдул-Баха піша: “Згодна з тэкстам кнігі “Агдас”, Бахаула прызначыў Цэнтр Запавета (то бок Абдул-Баха) тлумачальнікам Сваіх словаў. Запавет такі цвёрды і магутны, што не мае сабе роўнага ні ў адным з мінулых рэлігійных адкрыццяў”. Поўная бездакорнасць, з якой Адбул-Баха распаўсюджваў Веру Бахаулы на Захадзе і Усходзе, выклікала сярод некаторых вернікаў розныя меркаванні пра Яго становішча. Знаходзячыся пад уплывам старых рэлігійных уяўленняў, назіраючы цяпер за разбурэннем сваіх рэлігійных дактрынаў і бачачы чысціню духу, што адушаўляе слова і справу Абдул-Баха, адны прызнавалі ў ім Боскую Праяву, а іншыя лічылі Яго “другім прышэсцем Хрыста”! Нішто так моцна не засмучала Абдул-Баха, як неразуменне паслядоўнікамі таго, што духоўная сіла, праяўленая ім у служэнні Справе Бахаулы, тлумачыцца тым, што Ён, як чыстае люстэрка, звернутае да Сонца Ісціны, адлюстроўвае Яго, але ніяк не з’яўляецца самім Сонцам. Апроч таго, вучэнне Бахаулы, у адрозненне ад папярэдніх адкрыццяў, мае сілу ствараць сусветнае чалавечае грамадства. У перыяд з 1892 па 1921 год, калі Абдул-Баха выконваў ускладзеную на Яго місію, пачала выбудоўвацца адміністратыўная структура ў адпаведнасці з вучэннем Бахаулы пра сапраўдны сусветны парадак. Такое развіццё патрабавала настаўленняў і асаблівага кіраўніцтва Абдул-Баха, бо толькі Ён адзін ведаў усю паўнату таго новага магутнага адкрыцця, якое сышло на зямлю ў цяперашні час. Пасля смерці Абдул-Баха і да таго часу, пакуль яго Тэстамент не быў ускрыты і Воля Яго не патлумачаная Захавальнікам Веры Шогі Эфендзі​​​​​​​, амаль усе бахаі непазбежна прыпісвалі дарагому Настаўніку ступень духоўнага аўтарытэту, якую меў толькі сам Прарок. Гэты наіўны энтузіязм бахаі, аднак, хутка саступіў месца глыбейшаму разуменню таямніцы яго непараўнальнай адданасці і падпарадкавання, і бахаі цяпер здольныя як найлепш зразумець адзіны ў сваім родзе характар выкананай Абдул-Баха місіі. Рэлігія, якая здавалася такой слабай і бездапаможнай у 1892 годзе, калі яе найвышэйшы Прыклад і Тлумачальнік быў у выгнанні і зняволенні, з таго часу ўмацавалася і з непераадольнай сілай нараджала суполкі ў многіх краінах (у 1969 годзе такія суполкі былі ў 139 незалежных дзяржавах і 173 важных тэрытарыяльных адзінках і астравах). Вера Бахаі заклікае слабую цывілізацыю, якая паступова гіне, у засень свайго вучэння, якое адно зможа адкрыць светлую будучыню чалавецтву ў адчаі. Воля і Тэстамент Абдул-Баха цалкам зразумелым чынам выяўляюць сапраўдную місію Баба, Бахаулы і Яго ўласную: “Аснова веры паслядоўнікаў Бахаулы вызначаецца наступным чынам: Яго Святасць Баб ёсць праявай Адзінства Божага і прадвеснікам Спрадвечнай Красы (Бахаулы). Яго Святасці Бахаула — найвышэйшая Праява Бога і Усход Боскай Сутнасці, а ўсе астатнія — яго рабы і служкі”. Гэтым сцверджаннем, а таксама цэлым шэрагам такіх тлумачэнняў Абдул-Баха ў Сваім асноўным пасланні падкрэслівае важнасць адзінага погляду на прынцыповае пытанне Веры. Такім чынам, Ён заклаў аснову для адзінага разумення, якая адразу знішчыла разыходжанні поглядаў сярод вернікаў, якія, спасылаючыся на прыватныя лісты Абдул-Баха ў адказ на іх прыватныя пытанні, рабілі розныя суб’ектыўныя высновы. Апроч гэтага, устанаўленне пэўнага адміністратыўнага парадку з Захавальнікам на чале перадала арганізацыі права кіраваць, якое раней мелі пэўныя асобы, што карысталіся аўтарытэтам у розных мясцовых суполках. z

Прыклад жыцця бахаі


Бахаула ёсць найвышэйшай Праявай Слова Божага, але Яго саракагадовае зняволенне абмяжоўвала Яго магчымасці гутарыць з людзьмі. Таму Абдул-Баха дасталася важная задача быць тлумачальнікам Адкрыцця, выканальнікам Слова, Вялікім Прыкладам жыцця для бахаі, што жыве ў пастаянным кантакце з вонкавым светам Свайго часу ў самыя розныя перыяды Сваёй дзейнасці. Ён паказаў, што сярод віхураў і імклівага цячэння сучаснага жыцця, сярод сябелюбства і барацьбы за матэрыяльныя даброты ўсё ж можна жыць жыццём, поўным адданасці Богу і служэння свайму бліжняму, якога патрабавалі ад людзей Хрыстос, Бахаула і ўсе прарокі.

Сярод спакусаў, падступства, здрады, з аднаго боку, любові, усхвалення, адданасці і павагі — з другога, Ён стаяў, як маяк, узнесены на скале, вакол якога лютавалі зімовыя буры і гуляў летні акіян. Яго спакой і яснасць заставаліся моцныя і непераможныя.

Яго жыццё было ўвасабленнем сапраўднай рэлігійнасці, і Ён заклікаў сваіх паслядоўнікаў жыць тым жа жыццём. Ён падняў сярод вернікаў свету сцяг адзінства і міру — сцяг Новай Эры — і ўпэўніваў, што людзі, што збяруцца пад гэтым сцягам, будуць натхнёныя духам Новага Дня.

Гэта той самы Святы Дух, які натхняў Прарокаў і Святых у мінулым, а цяпер у адпаведнасці з новымі задачамі знайшоў сваё новае ўвасабленне. 

Белорусский рейтинг MyMinsk.com