Сусветны Дом Справядлівасці

Сусветны Цэнтр бахаі

Красавік 2002 г.

Нязменная спадчына ХХ стагоддзя — гэта тое, што народы свету пачалі лічыць адзін аднаго прадстаўнікамі адзінага чалавечага роду, а Зямлю — сваёй агульнай радзімай. Нягледзячы на канфлікты і гвалт, якія дагэтуль доўжацца і азмрочваюць небасхіл свету, забабоны, што здаваліся калісьці неад’емнай часткай чалавечай натуры, паўсюдна адступаюць. Разам з імі разбураюцца і бар’еры, якія доўгі час раздзялялі чалавечую сям’ю, ператвараючы яе ў вавілонскае стоўпатварэнне, раз’яднанае паводле культурных, этнічных і дзяржаўных прыкметаў. Тое, што такое карэннае пераўтварэнне магло адбыцца за такі кароткі час, у гістарычнай перспектыве — амаль імгненна, прымушае нас задумацца пра маштабы будучых зменаў.

Сумна ўсведамляць, што арганізаваная рэлігія, сапраўдны сэнс існавання якой — служэнне справе братэрства і міра, занадта часта робіцца адной з самых непераадольных перашкодаў на гэтым шляху. Прыкладам можа служыць той гнятлівы факт, што іменем рэлігіі доўгі час прыкрываўся фанатызм. Як кіроўны орган адной з сусветных рэлігіяў, мы адчуваем, што наш абавязак — заклікаць рэлігійных лідараў уважліва разгледзець гэтае складанае пытанне. І сама праблема, і яе вынікі прымушаюць наш гаварыць адкрыта. Мы верым, што агульнае служэнне Богу дапаможа іншым успрыняць сказанае намі ў тым самым духу добрай волі, у якім мы звяртаемся да іх.

Праблема робіцца асабліва відавочнай, калі мы разумеем, чаго дасягнулі ў іншых галінах. Так, раней, за рэдкімі выключэннямі, жанчыны лічыліся істотамі ніжэйшага гатунку, забабоны абмяжоўвалі іх з усіх бакоў, ім адмаўлялі ў праве раскрываць патэнцыял чалавечага духу, а іх роля зводзілася да служэння мужчынам. Няма сумневу, што такія ўмовы ўсё яшчэ існуюць у многіх грамадствах і нават фанатычна там абараняюцца. Аднак на глабальным узроўні канцэпцыя роўнасці палоў паўсюль набыла сілу ў тым, што тычыцца канкрэтных справаў. Яна аднолькава прызнаецца і ў навуковым асяроддзі, і ў сродках масавай інфармацыі. Гэтае пераўтварэнне аказалася такім глыбокім, што прыхільнікі ідэі мужчынскай перавагі могуць цяпер знайсці падтрымку толькі сярод крайніх радыкалаў.

Абложаныя з усіх бакоў сілы нацыяналізму чакае той жа лёс. З кожным крызісам, што абрынаецца на свет, чалавеку робіцца ўсё лягчэй размяжоўваць любоў да сваёй краіны, любоў, што ўзбагачае жыццё, і бяздумнае прыманне правакатыўных ідэяў, што скіраваныя на распальванне нянавісці да іншых людзей і страху перад імі. Нават там, дзе ўдзел у звыклых нацыяналістычных рытуалах прыносіць выгаду, грамадскае меркаванне хоць і захоўвае энтузіязм мінулага і ўпэўненасць у сваёй праваце, часта не пазбаўленае пачуцця няёмкасці. Гэты эфект узмацняецца і рэструктурызацыяй міжнароднага парадку. Якімі б ні былі недахопы сістэмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у яе сучаснай форме і якімі б абмежаванымі ні былі яе магчымасці для развязання сумесных ваенных дзеянняў супраць агрэсара, цяжка не заўважыць той факт, што фетыш абсалютнага нацыянальнага суверэнітэту паціху губляе сілу.

Расавыя і нацыянальныя прымхі ў выніку гістарычных працэсаў былі перагледжаныя так імкліва і радыкальна, што ставіцца да іх з цярпімасцю ўжо немагчыма. У гэтай сферы мінулае адмаўляецца асабліва рашуча. Сёння расізм так запляміўся сваёй далучанасцю да жахаў ХХ стагоддзя, што разглядаецца як свайго роду духоўная хвароба. Хаця ў многіх частках свету ён яшчэ трымае свае светапоглядныя пазіцыі, большасць чалавецтва лічыць яго сапраўдным бедствам. Расавыя забабоны асуджаюцца ва ўсім свеце так, што ніводная група людзей не можа спакойна асацыяваць сябе з такім светапоглядам.
 
Нельга сказаць, што цемра мінулага знікла і раптоўна з’явіўся новы свет святла. Многія людзі працягваюць адчуваць наступствы ўкаранёных забабонаў адносна этнічнага паходжання, полу, нацыянальнасці, касты і класа. Усе сведчыць пра тое, што такая несправядлівасць будзе захоўвацца яшчэ доўга, бо грамадскія інстытуты і стандарты, распрацаваныя чалавецтвам, набіраюць сілу, неабходную для стварэння новага тыпу адносін і палягчэння долі прыгнечаных, вельмі павольна. Але сутнасць у тым, што Рубікон чалавецтва перайшло, і дарогі назад няма. Асноўныя прынцыпы вызначаныя, выразна прагавораныя, публічна агучаныя і паступова ўвасабляюцца ў інстытутах, што могуць уплываць на грамадскія стандарты паводзінаў. Несумненна, якой бы працяглай і балючай ні была гэтая барацьба, яе вынікам будуць рэвалюцыйныя змены ў адносінах паміж усімі народамі і на ўзроўні кожнага чалавека.

*

У пачатку ХХ стагоддзя здавалася, што рэлігійныя забабоны павінныя адступіць перад сіламі перамен нашмат хутчэй, чым усе астатнія. На той момант навуковыя дасягненні на Захадзе ўжо жорстка ўдарылі па некаторых асноўных дактрынах рэлігійнай выключнасці. У кантэксце пераўтварэнняў, што адбываюцца ў сферы ўяўленняў чалавецтва пра сябе, самым шматабяцальным дасягненнем у вобласці рэлігіі здаваўся міжканфесійны рух. У 1893 годзе Сусветная выстава ў Чыкага зрабіла сюрпрыз нават самым аптымістычным арганізатарам, запачаткаваўшы слынны Парламент рэлігіяў, які ўразіў народы ўсіх кантынентаў сваім бачаннем духоўнай і маральнай згоды і здолеў засланіць нават навуковыя, тэхнічныя і камерцыйныя дзівы, якія ўсхваляліся на выставе.

Здавалася, што старажытныя сцены палі. Для ўплывовых рэлігійных мысляроў гэты сход зрабіўся ўнікальным, “беспрэцэдэнтным у гісторыі”. Парламент, паводле словаў свайго выбітнага арганізатара, “вызваліў свет ад нецярпімасці”... Прагучала ўпэўненае прадказанне, што дальнабачныя лідары абавязкова скарыстаюцца гэтай магчымасцю і абудзяць у сусветных рэлігійных суполках, якія столькі часу былі размежаваныя, дух братэрства, які зробіцца неабходнай маральнай асновай для новага свету дабрабыту і прагрэсу. Атрымаўшы такую падтрымку, укараніліся і пачалі квітнець разнастайныя міжрэлігійныя рухі. Дзякуючы вялікай колькасці літаратуры, дасяжнай на многіх мовах для самай шырокай публікі — для тых, хто верыць, і тых, хто не, — прынцыпы ўсіх асноўных рэлігіяў зрабіліся паўсюдна вядомымі. Потым гэтую цікавасць падхапілі радыё, тэлебачанне, кінематограф і ўрэшце інтэрнэт. Вышэйшыя навучальныя ўстановы прынялі акадэмічныя праграмы параўнальнага рэлігіязнаўства. Да канца стагоддзя міжрэлігійныя малітоўныя службы, пра якія немагчыма было падумаць яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму, зрабіліся звычайнай з’явай.

На жаль, відавочна, што гэтым ініцыятывам не хапае як інтэлектуальнай цэласнасці, так і духоўнай упэўненасці. Насуперак працэсам аб’яднання, якія пераўтвараюць сацыяльныя ўзаемаадносіны, укаранёныя шаблоны вузкарэлігійнай думкі ўпарта супрацьстаяць меркаванню, што ўсе сусветныя рэлігіі па сутнасці і па паходжанні аднолькава сапраўдныя. Поспехі ў сферы расавай інтэграцыі — гэта не проста сентыментальнасць ці вынік нейкай стратэгіі. Яны — вынік прызнання таго факта, што народы свету — гэта адзіны від, шматлікія адрозненні ў якім не даюць адным яго прадстаўнікам ніякіх перавагаў і не абмяжоўваюць іншых. Вынікам эмансіпацыі жанчын зрабілася гатоўнасць як сацыяльных інстытутаў, так і грамадскага меркавання прызнаць, што не існуе прымальных прычынаў — ні біялагічных, ні сацыяльных, ні маральных, — адмаўляць жанчынам у поўным раўнапраўі з мужчынамі, а дзяўчынкам — у роўных з хлопчыкамі адукацыйных магчымасцях. Такім жа чынам і ўдзячнасць некаторым народам за іх уклад у развіццё сусветнай цывілізацыі не апраўдвае іх атрыманыя ў спадчыну ад мінулага ілюзіі, што астатнія нацыі прагрэсу наўрад ці дапамогуць.
 
Аднак большасць рэлігійных лідараў, мяркуючы па ўсім, так грунтоўна пераарыентавацца не здольная. Некаторыя супольнасці ўспрымаюць чалавечае адзінства не проста як наступны непазбежны крок у развіцці цывілізацыі, але і як кульмінацыю самасвядомасці разнастайных груп у гэты пераломны момант нашай калектыўнай гісторыі. Тым не менш, большасць арганізаваных рэлігіяў застыла на парозе будучыні, паралізаваная тымі ж догмамі і прэтэнзіямі на выключнае валоданне ісцінай, праз якія разгараліся самыя жорсткія канфлікты, што гістарычна раздзялялі жыхароў нашай планеты. Вынікі гэтых канфліктаў былі для людзей разбуральнымі. Няма ніякай патрэбы падрабязна апісваць жахі, што абрыналіся на няшчаснае чалавецтва праз успышкі фанатызму, якія ганьбуюць імя рэлігіі. З’ява гэтая, на жаль, не новая. Адзін з прыкладаў — рэлігійныя войны ў Еўропе XVI стагоддзя, якія забралі жыцці амаль траціны насельніцтва гэтай часткі свету. Самы час задумацца, які ўраджай прынесла ў гістарычнай перспектыве зерне, кінутае ў народную свядомасць сляпымі сіламі рэлігійнага дагматызму, што спарадзіў гэтыя канфлікты.

Да гэтага спіса варта дадаць здраду чалавечаму сумленню, якая больш, чым нейкі іншы чыннік, паўплывала на тое, што рэлігія пазбавілася сваёй прыроднай здольнасці граць вырашальную ролю ў сусветных падзеях. Рэлігійныя інстытуты, што захраслі ў вырашэнні руцінных пытанняў, якія рассейваюць і паслабляюць чалавечую энергію, занадта часта рабіліся галоўнай перашкодай на шляху да пазнання рэчаіснасці і выкарыстання тых разумовых здольнасцяў, якія вылучаюць чалавечы род. Асуджэнне матэрыялізму ці тэрарызму не дапаможа ў барацьбе з сучасным маральным крызісам, калі ў аснову такой крытыкі не ляжа шчырае прызнанне таго, што рэлігійныя інстытуты не выканалі сваіх абавязкаў, пакінуўшы вернікаў безабароннымі перад самавольствам гэтых сіл.

Якімі б пакутлівымі ні былі гэтыя развагі, яны не абвінавачваюць арганізаваную рэлігію, а хутчэй нагадваюць пра ўнікальную сілу, якую яна прадстаўляе. Нам усім добра вядома, што рэлігія звяртаецца да самых глыбінь чалавечай матывацыі. Пакуль яна захоўвала вернасць духу і прыкладу тых незвычайных Асобаў, што далі свету найвялікшыя сістэмы вераванняў, яна абуджала ў цэлых народаў здольнасць любіць, дараваць, ствараць, рызыкаваць, пераадольваць прымхі, ахвяраваць сабой дзеля агульнага дабра і скараць праявы жывёльнай натуры. Няма сумневу, што ўплыў непарыўнай паслядоўнасці гэтых Богаяўленняў, карані якіх хаваюцца ў глыбінях летапіснай гісторыі, зрабіўся канструктыўнай сілай у далучэнні чалавека да цывілізацыі.

Гэтая ж сіла, якая так эфектыўна дзейнічала ў мінулыя стагоддзі, дагэтуль захоўвае нязменны ўплыў на чалавечую свядомасць. Нягледзячы ні на якія цяжкасці і не атрымліваючы на гэтым шляху амаль ніякай падтрымкі, яна працягвае натхняць бясконцыя мільёны людзей на барацьбу за выжыванне і нараджае ва ўсіх краінах герояў і святых, чые жыцці пераканаўча сцвярджаюць прынцыпы Пісанняў у іх рэлігіях. Як паказвае ход развіцця цывілізацыі, рэлігія таксама можа глыбока ўплываць на структуру сацыяльных адносінаў. Сапраўды, цяжка згадаць нейкае фундаментальнае дасягненне цывілізацыі, якое не чэрпала б маральную сілу з гэтай бяздоннай крыніцы. Ці можна ў такім выпадку меркаваць, што пераход да кульмінацыйнага этапу шматтысячагодняга працэсу фармавання ўсепланетнай цывілізацыі здзейсніцца ў духоўным вакууме? Амаральныя ідэалогіі, якія панавалі ў нашым свеце цягам мінулага стагоддзя, прынамсі пераканаўча давялі, што ніякія альтэрнатывы, прапанаваныя чалавечай вынаходлівасцю, не дапамогуць дасягнуць гэтай мэты.

*

Сэнс таго, што адбываецца сёння, Бахаула абагуліў у словах, што былі напісаныя больш за сто гадоў таму і зрабіліся шырока вядомымі ў наступныя дзесяцігоддзі:

“Няма ніякіх сумневаў, што народы зямлі, да якога б кораня ці веры яны ні належалі, чэрпаюць натхненне з адной нябеснай Крыніцы і служаць аднаму Богу. Розніца паміж запаветамі, якіх яны трымаюцца, тлумачыцца зменлівымі патрабаваннямі века, калі яны былі з’яўленыя. Усе яны, апроч нямногіх, спароджаных чалавечай сапсаванасцю, былі запаветамі Бога і адлюстроўваюць Яго Волю. Падыміцеся і, узброіўшыся сілай веры, здалейце багоў вашых падманных летуценняў, што сеюць паміж вамі звады. Трымайцеся таго, што збліжае і яднае вас”.

Такі заклік не скіраваны на адмову ад асноўных ісцін якой-небудзь з вялікіх сусветных сістэм вераванняў. Хутчэй наадварот. Вера мае ўласныя патрабаванні і абапіраецца на ўласную непарушную аснову. Тое, у што вераць ці не вераць іншыя, не можа быць меркай чалавечага сумлення, калі толькі яно хоча быць вартым гэтага імені. Прыведзеныя вышэй словы недвухсэнсоўна заклікаюць да адрачэння ад усіх прэтэнзіяў на выключнасць ці завершанасць, якія аблытваюць сваёй павуцінай жыццё духу, мацней за ўсё падаўляюць імкненне да адзінства і спараджаюць нянавісць і гвалт.

Мы лічым, што рэлігійныя лідары павінныя адказаць на гэты гістарычны выклік, калі рэлігійнае лідарства збіраецца захаваць сваю значнасць у тым глабальным грамадстве, якое фармуецца пад уплывам пераўтварэнняў ХХ стагоддзя. Відавочна, што ўсё большая колькасць людзей разумее: ісціна, якая ляжыць у аснове ўсіх рэлігіяў, па сутнасці сваёй адна. Крыніца гэтага пераканання — не ў тэалагічных спрэчках, а ў інтуітыўным разуменні, якое нараджаецца з усё большага досведу і асэнсавання адзінства чалавечай сям’і. Дзякуючы адзінству, якое можна заўважыць у разнастайнасці нацыянальнасцяў, расаў і культураў, сярод хаосу рэлігійных дактрынаў, рытуалаў і зводаў законаў, успадкаваных ад зніклых сусветаў, нараджаецца разуменне таго, што духоўнае жыццё — гэта адзіная бязмежная рэальнасць, доступ да якой ў роўнай ступені адкрыты ўсім. Для таго, каб гэтае рассеянае і пакуль яшчэ невыразнае ўспрыняцце ўмацавалася і пачало эфектыўна садзейнічаць справе міру ва ўсім свеце, яно павінна атрымаць шчырую падтрымку тых, да каго нават цяпер людскія масы, што насяляюць зямны шар, звяртаюцца па настаўленне.

Несумненна, асноўныя сусветныя рэлігіі моцна адрозніваюцца сацыяльнымі прадпісаннямі і формамі богаслужэння. Наўрад ці магло быць інакш, улічваючы мінулыя тысячагоддзі, калі паслядоўныя Боскія Адкрыцці вырашалі ўсё новыя праблемы непарыўнага развіцця цывілізацый. У большасці Пісанняў асноўных рэлігіяў у той ці іншай форме ўтрымліваецца прынцып эвалюцыйнага характару рэлігіі. Нельга знайсці ніякага маральнага апраўдання таму, што культурная спадчына, якая мусіла б узбагаціць духоўны досвед, выкарыстоўвалася дзеля распальвання забабонаў і варожасці. Першая задача любой душы — гэта заўсёды спазнаваць рэчаіснасць, жыць згодна з ісцінамі, у якіх яна ўпэўніваецца, і паважаць высілкі іншых людзей, што ідуць у тым жа кірунку.

Некаторыя могуць запярэчыць, што калі прызнаць за ўсімі вялікімі рэлігіямі права Боскага паходжання, то гэта падштурхне многіх людзей да пераходу з адной рэлігіі ў іншую ці прынамсі палегчыць гэты працэс. Аднак пярэчанне гэтае, незалежна ад яго справядлівасці, не такое ўжо і важнае, калі задумацца пра магчымасць, якую гісторыя ўрэшце дала тым, хто асэнсаваў існаванне свету за межамі зямнога быцця, і пра адказнасць, якую гэтае асэнсаванне прадугледжвае. Кожная з вялікіх рэлігіяў можа прывесці ўражальнае і верагоднае сведчанне сваіх поспехаў у выхаванні маральнасці. З іншага боку, ніхто не можа з упэўненасцю сцвярджаць, што дактрыны нейкага аднаго веравучэння спарадзілі больш нецярпімасці і прымхаў, чым дактрыны іншага. Натуральна, што ў свеце, які аб’ядноўвацца, мадэлі паводзінаў і ўзаемадзеяння будуць увесь час змяняцца, і роля любых інстытутаў будзе, несумненна, у тым, каб вырашыць, як скіраваць гэты працэс на ўсталяванне адзінства. Гарантыя таго, што канечны вынік будзе трывалым у духоўным, маральным і сацыяльным сэнсе, — гэта нязменная вера праігнараваных цяпер масаў жыхароў Зямлі ў тое, што Сусветам кіруе не чалавечая прыхамаць, а Боская Воля, што поўніцца любоўю і не робіць памылак.

Наш век зрабіўся сведкам не толькі разбурэння бар’ераў, што раздзяляюць народы, але і знікнення сцяны, якая калісьці здавалася нязломнай і, як лічылі ў мінулым, заўсёды аддзяляла жыццё Нябёсаў ад жыцця Зямлі. Пісанні ўсіх рэлігіяў адвеку вучылі верніка разумець служэнне іншым не толькі як маральны абавязак, але і як сродак наблізіць душу да Бога. Сёння рэструктурызацыя грамадства паскараецца і надае гэтаму прынцыпу новы сэнс. Па меры таго, як мінулае абяцанне свету, які кіраваўся б прынцыпамі справядлівасці, паступова робіцца дасягальным, задавальненне патрэбаў душы і задавальненне патрэбаў грамадства будуць усё больш і больш разглядацца як узаемадапаўняльныя аспекты сталага духоўнага жыцця.

Калі рэлігійныя лідары прымуць выклік, які ўтрымліваецца ў прыведзеным вышэй сцвярджэнні, ім давядзецца прызнаць, што рэлігія і навука — гэта дзве неабходныя сістэмы ведаў, дзякуючы якім развіваецца патэнцыял свядомасці. Гэтыя два асноўныя спосабы пазнання рэчаіснасці не толькі не супярэчаць адзін аднаму, але і ўзаемазвязаныя. Найбольшы плён яны прыносілі ў тыя рэдкія, але шчаслівыя моманты гісторыі, калі іх узаемадапаўняльная сутнасць прызнавалася і яны маглі супрацоўнічаць. Новыя адкрыцці і навыкі, што з’яўляліся ў выніку навуковага прагрэсу, мусяць заўсёды сувымярацца з духоўнымі і маральнымі прынцыпамі, каб выкарыстоўвацца належным чынам, і нават самыя дарагія сэрцу рэлігійныя перакананні трэба добраахвотна, радасна і неперадузята ацэньваць з навуковага гледзішча.

Урэшце мы з вядомай доляй асцярожнасці падыходзім да пытання, якое непасрэдна тычыцца чалавечага сумлення. Сярод многіх выпрабаванняў гэтага свету ёсць спакуса, якой цалкам зразумелым чынам не раз паддаваліся рэлігійныя лідары, — спакуса выкарыстаць уладу ў пытаннях веры. Любы чалавек, якія прысвяціў доўгія гады сур’ёзным развагам і вывучэнню Пісанняў той ці іншай вялікай рэлігіі, добра знаёмы з часта паўтаральнай аксіёмай, што ўлада можа разбэсціць, і разбэсціць тым мацней, чым яна большая. Нікому не вядомыя ўнутраныя перамогі, якія шматлікія святары з веку ў век здабывалі на гэтым шляху, без сумневаў, зрабіліся галоўнай крыніцай стваральнай сілы арганізаванай рэлігіі і мусяць лічыцца адным з яе самых выбітных здзяйсненняў. З іншага боку, уступкі спакусе свецкай улады з боку іншых рэлігійных лідараў стваралі ўрадлівую глебу для цынізму, заганнасці і адчаю ўсіх, хто бачыў гэта. Тое, якім чынам гэта паўплывала на здольнасць рэлігійных лідараў выконваць сёння свае абавязкі перад грамадствам, не патрабуе падрабязных каментароў.

*

На ўсім працягу гісторыі рэлігія служыла асноўнай сілай, што надавала жыццю сэнс, бо яна робіць характар высакародным і ўносіць у стасункі гармонію. Яна заўсёды гадавала дабро, ганьбавала зло і адкрывала перад ўсімі, хто хацеў бачыць, карціну нябачаных дагэтуль магчымасцяў. Дзякуючы яе настаўленням надзеленая розумам душа атрымлівала сілы пераадолець абмежаванні гэтага свету і выканаць сваё наканаванне. У той жа час рэлігія, згодна з літаральным значэннем гэтага слова, служыла галоўнай сілай, што звязвала народы ў вялікія і складаныя грамадскія сістэмы, якія дазвалялі людзям выявіць свае здольнасці. Вялізная перавага сённяшняга веку — у тым, што ён дае магчымасць усяму чалавецтву ўбачыць гэты працэс развіцця цывілізацыі як адзінае цэлае, як судакрананні нашага свету са светам Боскім, што паўтараюцца зноў і зноў.

Захопленая гэтым бачаннем, суполка бахаі энергічна падтрымала міжрэлігійны рух з моманту яго ўзнікнення. Бахаі бачаць збліжэнне розных рэлігіяў не толькі ў тым, што паміж імі завязваюцца надзвычай каштоўныя стасункі. Бахаі лічаць, што гэты працэс перш за ўсё ёсць адказам на Боскую задуму адносна чалавечага роду, які ўваходзіць у эпоху сваёй калектыўнай сталасці. Сябры нашай суполкы будуць і далей падтрымліваць гэты працэс любымі дасяжнымі нам сродкамі. Тым не менш, мы лічым сваім абавязкам абвясціць сваім партнёрам, што, паводле нашых перакананняў, любое асэнсаванае міжрэлігійнае супрацоўніцтва з мэтай вылечыць немачы, на якія пакутуе роспачнае чалавецтва, мусіць шчыра і неадкладна прызнаць усёабдымную ісціну, што спарадзіла сам гэты рух: Бог адзіны і рэлігія, нягледзячы на ўсю разнастайнасць яе культурных праяваў і чалавечых інтэрпрэтацыяў, таксама адзіная.

З кожным новым днём расце пагроза, што полымя рэлігійных забабонаў разгарыцца і перарасце ў сусветны пажар, вынікі якога цяжка ўявіць. Такі пажар урады свету пагасіць самастойна не змогуць. І мы не павінныя падманваць сябе, лічачы, што адны толькі заклікі да ўзаемнай цярпімасці здолеюць прыпыніць агрэсію, што прэтэндуе на найвышэйшае блаславенне. Гэты крызіс патрабуе ад рэлігійных лідараў гэтак жа рашуча парваць з мінулым, як гэта зрабілі многія лідары да іх, — тыя, што ўказалі грамадству на не менш разбуральныя расавыя, нацыянальным і палавыя забабоны. Адзіная дапушчальная нагода ўплываць на іншых людзей у пытаннях сумлення — гэта служэнне чалавечаму дабру. У гэты найвялікшы паваротны момант гісторыі цывілізацыі патрэбу ў такім служэнні нельга пераацаніць. Бахаула сцвярджае: “Дабрабыт чалавецтва, мір і яго бяспека недасягальныя да таго часу, пакуль яго адзінства трывала не замацуецца”.

Сусветны Дом Справядлівасці