Веліч гэтага Дня

Сапраўды вялікі гэты Дзень! Згадкі пра яго ва ўсіх Святых Пісаннях як пра Дзень Бога пацвярджаюць яго веліч. (Бахаула)

Веліч гэтага Дня

Мы жывем у незвычайны час – у Дзень новага Адкравення Божага, якое прынёс чалавецтву Бахаула.

Наколькі вялікае і неабсяжнае Адкравенне Бахаулы! – пісаў Шогі Эфендзі. – Наколькі багаты струмень блаславенняў выліў Ён на чалавецтва ў гэты дзень! Але наколькі ж беднае яшчэ наша разуменне іх значэння і славы!

 

“Сапраўды вялікі гэты Дзень! Згадкі пра яго ва ўсіх Святых Пісаннях як пра Дзень Бога пацвярджаюць яго веліч. Душа ўсякага Божага Прарока, усякага Боскага Пасланца прагне набліжэння гэтага цудоўнага дня. Вось чаму ўсе народы і плямёны зямныя павінны жадаць яго наступлення”.

— Бахаула. “Крупінкі”. 

 

“Угледзьце жа – у дні тыя нябачана пашырыліся далягляды навук і мастацтваў, паказаныя дзівосныя тэхнічныя дасягненні, бязмежна ўзрасла магутнасць чалавечага розуму, зробленыя дзіўныя вынаходкі.

Наша стагоддзе сапраўды варта сотні стагоддзяў: калі сабраць усе здзяйсненні сотні мінулых стагоддзяў і параўнаць з дасягненнямі нашага часу, уклад гэтай эпохі апынецца відавочна большым за ўклад сотні стагоддзяў мінулых”.

Абдул-Баха. “Выбранае з Пісанняў”

 

“Адкравенне Бахаулы, чыё вышэйшае прызначэнне ёсць не што іншае, як дасягненне арганічнага і духоўнага адзінства нацый ..., сваім з'яўленнем азначае пачатак новага стагоддзя ў гісторыі ўсяго чалавецтва. Таму ў ім варта ўгледжваць не проста новую хвалю духоўнага адраджэння ў зменлівых лёсах чалавецтва, не проста наступную стадыю ў ланцугу Адкравенняў, якія змяняюць адзін аднаго, нават не кульмінацыю шэрагу прарокавых цыклаў, якія паўтараюцца, але знак апошняй і найвышэйшай стадыі цудоўнага развіцця калектыўнага жыцця чалавека на гэтай планеце”.

Шогі Эфендзі. “Сусветны парадак Бахаулы”

 

“У гэты дзівосны век ... сама сутнасць чалавецтва змянілася праз дыханне Слова Божага, здабыўшы вялікую сілу. Воляю Яго чалавечыя недасканаласці перасталі вызначаць ход падзей, бо Ён Сваёй усёпераможнай уладай згуртаваў людзей у неабсяжным акіяне адзінства”.

— Абдул-Баха. “Выбранае з Пісанняў”

 

“Бог пасылае Сваіх Прарокаў людзям з дваякім намерам. Першы – вызваліць дзяцей чалавечых ад цемры невуцтва і вывесці іх да святла сапраўднага разумення. Другі – забяспечыць чалавецтву мір і спакой і падаць усе сродкі, якімі яны могуць быць устаноўлены”.

— Бахаула. “Крупінкі”. 

 

“Бахаула не толькі ўдыхнуў у чалавецтва Дух абнаўлення. Ён не проста прапанаваў новую філасофскую сістэму, абвясціў нейкія ўніверсальныя прынцыпы, якімі б разумнымі, дзейнымі і ўсёабдымнымі яны ні былі. Акрамя гэтага Ён, у адрозненне ад запаветаў мінулага, заснаваў канкрэтныя інстытуты, выразна і недвухсэнсоўна вызначыў шэраг Законаў і паказаў асновы Боскай эканомікі. Усё гэта прызначана стаць мадэллю будучага грамадства, галоўнай прыладай устанаўлення Найвялікшага Міра і адзіным сродкам аб'яднання свету і абвяшчэння царства справядлівасці на Зямлі”.

— Шогі Эфендзі. “Сусветны парадак Бахаулы”

Белорусский рейтинг MyMinsk.com