Духоўная адукацыя падлеткаў

Важатыя дапамагаюць падлеткам прайсці пераломны перыяд у іх жыцці і развіць іх здольнасці і звычкі, каб яны маглі скіраваць сваю энергію на карысць і росквіт цывілізацыі

Падлеткавыя групы

У Пасланні, прымеркаваным да Рызвану 2010 года, Сусветны Дом Справядлівасці раскрывае асноўныя задачы працы з падлеткамі:

“Хуткае распаўсюджанне праграмы гадавання духоўнага патэнцыялу падлеткаў — яшчэ адна прыкмета зруху ў культуры суполкі бахаі. Калі ў свеце пануе тэндэнцыя гаварыць пра гэтую ўзроставую групу як абыякавую і зацыкленую на сабе і праблемную, бо яе прадстаўнікі перажываюць бурныя фізічныя і эмацыйныя змены, суполка бахаі рашуча трымаецца адваротнага меркавання, бачачы ў падлетках альтруізм, абвостранае пачуццё справядлівасці, імкненне дазнацца больш пра Сусвет і жаданне зрабіць свой унёсак у пабудову лепшага свету... Усё сведчыць пра тое, што праграма ўцягвае свядомасць падлеткаў у даследаванне навакольнай рэчаіснасці, што дапамагае ім аналізаваць стваральныя і разбуральныя сілы, якія існуюць у грамадстве, і заўважаць уплыў, які гэтыя сілы робяць на іх думкі і ўчынкі, абвастраючы іх духоўнае ўспрыняцце, паляпшаючы іх здольнасць самавыяўляцца і ўмацоўваючы іх маральную сістэму, якая будзе служыць ім цягам усяго жыцця. Ва ўзросце, калі падлеткі ўжо могуць абаперціся на свае інтэлектуальныя, духоўныя і фізічныя магчымасці, яны атрымліваюць інструменты, неабходныя для служэння агульнаму дабру і супрацьстаяння сілам, здольным зацьміць іх сапраўдную існасць высакародных стварэнняў”.

Праграма, якую мы прапануем падлеткам, называецца “Праграма па надзяленні падлеткаў духоўнай сілай”. Яна разлічаная на тры гады. Кожны этап праграмы важны, бо матэрыялы распрацоўваліся з улікам патрэбаў кожнага года падлеткавага ўзросту.

Праграма заснаваная на ідэі падлеткавай групы. Пад ёй разумеецца група сяброў, якія разам вучацца новаму і карыснаму, робяць добрыя і карысныя справы, наладжваюць сяброўскія стасункі з равеснікамі. У кожнай групе ёсць важаты, старэйшы паводле ўзросту, які дапамагае ім развіць свае здольнасці.
Пэўны час падлеткі выдаткоўваюць на чытанне навучальных матэрыялаў. Матэрыялы распрацоўваліся з улікам узроставых асаблівасцяў (ад 12 да 15 гадоў) і дзеляцца на розныя катэгорыі. Яны мусяць дапамагчы падлеткам развіць уменне ясна выказвацца і выпрацаваць навыкі ўзаемадзеяння ў грамадстве.

Навучальныя матэрыялы заснаваныя на духоўных прынцыпах. Так, у першай кнізе “Ветры Пацвярджэння” падлеткі знаёмяцца з гісторыяй чатырох маладых людзей, якія задумваюцца, кем яны будуць у будучыні. Асноўная ідэя кнігі — думка пра тое, што для дасягнення мэты трэба рабіць нейкія высілкі. У гэтай гісторыі падлеткі пазнаюць сябе і задумваюцца пра сваю будучыню. Пасля кожнага аповеду ў кнізе ёсць практыкаванні, якія мусяць дапамагчы падлеткам зразумець сэнс некаторых новых словаў. Адно з практыкаванняў — завучванне невялікіх цытат са Святых Пісанняў. Вядома, што менавіта Святыя Пісанні маюць вялізную стваральную сілу і здольныя ўплываць на чалавечае сэрца і ўзвышаць яго, да таго ж яны змяшчаюць самыя высокія стандарты, да якіх павінен імкнуцца чалавек. Напрыклад, у той жа кнізе, калі маладыя людзі разважаюць пра сваю будучыню, ім прапануюць абмеркаваць наступную цытату: “Зрабіце грандыёзныя высілкі і выберыце высакародную мэту”.

Апроч вывучэння кніг падлеткі займаюцца планаваннем добрых справаў, займаюцца спортам і рознымі відамі творчасці. Група сустракаецца раз на тыдзень. Звычайна групы фармуюцца з сяброў, якія жывуць непадалёк адзін ад аднаго.

Падлеткавая праграма

Інстытут Рухі лічыць, што чалавек дасягае сталасці ў 15 гадоў, калі духоўныя і маральныя законы робяцца для яго абавязковымі. Гэта можа паказацца невыканальным у грамадстве, якое хоча прадоўжыць дзяцінства і застацца ў стане гульні. Аднак большая частка чалавецтва, што жыве ў нестабільных умовах, у 15 гадоў ужо бярэ на сябе сур’ёзныя абавязкі. А таму гады, якія непасрэдна папярэднічаюць юначаму ўзросту, маюць асаблівае значэнне. У гэты час у падлетка, які спрабуе расстацца з дзіцячымі звычкамі, фармуюцца асноўныя канцэпцыі прыватнага і грамадскага жыцця. Моладзь гэтага ўзросту шмат чаго можа сказаць свету, і калі ставіцца да яе як да дзяцей, мы губляем магчымасць дапамагчы ёй правільна сябе асэнсаваць.


З самага моманту заснавання Інстытут Рухі імкнуўся быць карысным гэтай узроставай групе, распрацоўваючы спецыяльныя праграмы, і мае вялікі досвед у гэтай галіне. Кніга, што прапаноўваецца вашай увазе, — гэта вынік шматгадовай практычнай дзейнасці і яе аналізу з мэтай прапанаваць маладым розумам першыя элементы праграмнай структуры, у межах якой яны навучацца весці сябе ў цяжкіх сітуацыях. Гэтая кніга найлепшым чынам падыходзіць для 14-гадовых падлеткаў, што жывуць у сельскай мясцовасці і ў некаторых раёнах горада.

Белорусский рейтинг MyMinsk.com