Каб стаць бахаі, трэба верыць у Бахаулу і запісацца ў суполку бахаі.

Першае мае асабісты характар, другое — адміністрацыйны.

Бахаі — гэта паслядоўнік Бахаулы, Прарока, які заснаваў Веру Бахаі. Чалавек робіцца бахаі, калі ён верыць, што Бахаула — гэта Пасланец Божы для нашай эпохі. Калі чалавек прыняў Бахаулу як крыніцу настаўлення ў сваім жыцці, наступны яго крок — далучыцца да суполкі бахаі. Для гэтага трэба запоўніць і падпісаць дэкларацыйную картку. Падпісваючы яе, чалавек сцвярджае сваю веру ў Бахаулу і заяўляе пра гатоўнасць падпарадкоўвацца Яго законам і Яго адміністрацыйным інстытутам. Не існуе ніякіх абмежаванняў, уступных ўнёскаў ці цырымоніяў, якія звязаныя з прыёмам чалавека ў суполку.

“Нашмат важней, каб усялякая душа адчула шчырае запрашэнне далучыцца да суполкі, што імкнецца садзейнічаць паляпшэнню грамадства, і стала на шлях служэння чалавецтву, на якім рана ці позна можа адбыцца фармальнае ўступленне ў яе шэрагі”.
Сусветны Дом Справядлівасці

Калі Вы адчуваеце жаданне стаць бахаі, але не маеце дастатковых ведаў пра гэтае веравызнанне, Вы можаце знайсці шмат падрабязнай інфармацыі на гэтым ці іншых сайтах. Вы таксама можаце заказаць кнігі поштай альбо наведаць мерапрыемствы, якія мы праводзім. У раздзеле “Кантакт” Вы можаце выбраць тое мерапрыемства, якое Вас цікавіць, і паведаміць нам пра сваё жаданне паўдзельнічаць.

Калі Вы адчуваеце сэрцам, што Вы — бахаі, звяжыцеся з нашым Нацыянальным офісам бахаі, каб мы маглі паведаміць пра Вас у найбліжэйшую да Вас суполку бахаі, дзе Вам дапамогуць з адміністрацыйнымі працэдурамі.

Паводле Сусветнага Дому Справядлівасці, духоўнае аблічча верніка-бахаі павінна адпавядаць наступным патрабаванням:

“Галоўным пабуджальным матывам мусіць быць прыняцце Боскага Адкрыцця і прызнанне Пасланца Госпада. Той, хто абвяшчае сябе бахаі, павінен прасякнуцца прыгажосцю Вучэння і ўсім сэрцам адгукнуцца на любоў Бахаулы. Таму, хто хоча прыняць Веру, не абавязкова глыбока ведаць усе багаслоўскія аргументы, яе гісторыю, законы і прынцыпы. Аднак чалавеку, у душы якога зарадзілася іскра веры, неабходна пазнаёміцца з жыццём і вучэннем заснавальнікаў гэтай рэлігіі, а таксама мець агульнае ўяўленне пра законы, якія яму давядзецца выконваць, і пра адміністрацыю, якой вернікам належыць падпарадкоўвацца”.