Чалавек — духоўнае стварэнне, што складаецца з душы і цела. Клапоцячыся пра цела, каб яно расло і развівалася, мы харчуемся і стараемся, каб яно атрымлівала ўсё найлепшае, таму для нармальнага функцыянавання ў нас ёсць рэжым харчавання. На жаль, мы забываем, што наша душа таксама патрабуе пажытку — ежы духоўнай. Канечне, усе мы молімся, калі нам сумна, балюча, цяжка, альбо калі мы шчаслівыя і хочам падзякаваць Богу за яго дары. Аднак душа, як і цела, патрабуе рэгулярнага харчавання.

У Пісаннях Бахаула сказаў: “Спявай, о слуга мой, вершы Божыя, дасланыя табе, як спяваюць іх тыя, хто ўганараваны блізкасцю да Яго, каб слодыч твайго напеву запаліў душу тваю і прыцягнуў сэрцы кожнага чалавека”.

Менавіта для гэтага суполка бахаі арганізуе малітоўныя сустрэчы для сяброў, знаёмых ці проста для сябе і свайго атачэння. Малітоўныя сустрэчы праводзяцца з нейкай нагоды ці па просьбе — за здароўе блізкіх, за развіццё душы таго, хто сышоў, за дзяцей, за дабрабыт, за сям’ю і г.д. Часцей за ўсё малітвы і цытаты выбіраюцца са Святых Пісанняў усіх рэлігій: хрысціянскай, ісламскай, іудзейскай, індуісцкай, зараастрыйскай і будыйскай. Усім удзельнікам прапануецца дзяліцца сваімі малітвамі ці ўрыўкамі са Святых Пісанняў.

Таксама арганізуюцца і рэгулярныя малітоўныя сустрэчы. Калі мы молімся разам, то адчуваем падтрымку прысутных, што моляцца з намі. Агульная малітва мае большую сілу.

Абдул-Баха кажа: “Госпад адкажа на малітву кожнага са слуг Сваіх, калі моляць Яго пра надзённае. Міласць Яго вялікая, бязмежная. Ён сыходзіць да модлаў усіх слуг Сваіх”.