Малітвы бахаі

"Я сведчу, о мой Божа, што Ты стварыў мяне, каб я спазнаў Цябе і пакланяўся Табе. Сведчу ў гэты час пра немач сваю і Тваю моц, пра беднасць сваю і Тваё багацце. Няма іншага Бога, акрамя Цябе, Памочніка ў небяспецы, Самаіснага". (Бахаула)

Малітвы бахаі

Аб вылячэнні

Імя Тваё — маё вылячэнне, о мой Божа, і ўспамін пра Цябе — маё лякарства. Блізкасць да Цябе — надзея мая, а любоў да Цябе — мая спадарожніца. Твая міласэрнасць да мяне — маё вылячэнне і дапамога як у гэтым свеце, так і ў свеце наступным. Ты, сапраўды, Найшчодрэйшы, Той, Хто ўсё ведае, Усямудры.
— Бахаула


Аб дапамозе

О Ты, Чыім абліччам я захапляюся, Чыя прыгажосць — свяцілішча маё, Чыё прыстанішча — мая мэта, Чыя хвала — мая надзея, Чыё прадвызначэнне — мой спадарожнік, Чыя любоў — прычына быцця майго, Чыё ўпамінанне— маё суцяшэнне, Чыя блізкасць — мая прага, Чыя прысутнасць — найдаражэйшае жаданне і найвышэйшае імкненне маё; малю Цябе, — не адмаўляй мне ў тым, што вызначыў Ты для выбраных сярод слугаў Тваіх. Надзялі мяне дабром гэтага свету і будучага.
Ты, сапраўды, Цар усіх людзей. Няма Бога, акрамя Цябе, Таго, Хто заўсёды выбачае, Найшчодрайшага.
— Бахаула


Выпрабаванні і цяжкасці

Хто пазбаўляе ад цяжкасцяў, акрамя Бога? Скажы: няхай будзе ўсхвалены Бог! Ён ёсць Бог! Усе слугі Яго і ўсе выконваюць Яго загады.
— Баб


Аб навучанні Веры

О мой Божа, дапамажы слузе Твайму ўзвысіць Слова, адкінуць марнае і лжывае, усталяваць ісціну, шырока распаўсюдзіць святыя вершы, адкрыць веліч і даць ранішняму святлу ўзысці ў сэрцах праведных.
Ты, сапраўды, Шчодры. Ты Той, Хто выбачае.
— Абдул-Баха
 

За бацькоў

Прашу Твайго выбачэння, о мой Божа, і малю аб дараванні адпаведна таму, як Ты жадаеш слугам Тваім звяртацца да Цябе. Прашу Цябе змыць грахі нашы, як належыць уладарству Твайму, і прабач мяне, маіх бацькоў і тых, хто паводле Твайго меркавання ўвайшоў у пакоі любові Тваёй, як адпавядае бязмежнаму панаванню Твайму і славе Тваёй нябеснай моцы.
О мой Божа! Ты натхніў душу маю ўзнесці маленні да Цябе, і каб ні Ты, я не звярнуўся б да Цябе. Усхвалены Ты і праслаўлены; я ўсхваляю Цябе, таму што Ты адкрыўся мне, і прашу дараваць мне, таму што нестае мяне на здзяйсненне абавязку пазнаваць Цябе і не здолеў я ісці дарогаю Тваёй любові.
— Баб

Малітвы бахаі для дзяцей

О Божа! Кіруй мной, ахоўвай мяне, зрабі мяне свяцільнікам яркім і прамяністай зоркай. Мы Магутны і Моцны.
Абдул-Баха

О Божа! Расці гэтае немаўля ва ўлонні Твае любові і дай яму малака з грудзей Твае Волі. Гадуй гэтую маладую расліну ў ружовым садзе Твае любові і залевамі шчодрасці Твае дапамажы яму вырасці. Зрабі яго дзіцем царства і вядзі яго ў райскія ўладанні Твае. Ты Магутны і Добры, Ты Даравальнік, Велікадушны, Госпад непераўзыдзенай Міласці.
Абдул-Баха

О Божа! Выхоўвай гэтых дзяцей. Дзеці гэтыя — расліны сада Твайго, кветкі Твайго лугу, ружы Твайго кветніка. Дай дажджу Твайму выліцца на іх, дай Сонцу Ісціны азарыць іх любоўю Тваёй. Дай подыху Твайму асвяжыць іх, дай ім вырасці, вывучыцца, развіцца і паўстаць у найлепшай красе. Ты Даравальнік. Ты Спагадлівы.
Абдул-Баха

О Госпадзе! Зрабі прамяністай гэтую юную істоту і адары шчодрасцю Тваёй гэтае слабае стварэнне. Надзялі яго ведамі, дазволь яму штозолку набываць сілы і ахоўвай яго ў прытулку Тваёй абароны, каб вызваліцца яму ад памылковых поглядаў, прысвяціць сябе служэнню Справе Тваёй, накіроўваць тых, хто заблудзіўся, весці няшчасных, вызваляць зняволеных і абуджаць нядбайных, каб усе былі дабраславёныя Тваім упамінаннем і хвалою. Ты Магутны і Моцны.
Абдул-Баха

О Непараўнальны Госпадзе! Зрабіся прытулкам для гэтага беднага стварэння і добрым і ўсёдаравальным Настаўнікам для гэтай заблукалай і няшчаснай душы. О Госпадзе! Мы ўсяго толькі нікчэмныя расліны, але мы належым Твайму ружоваму саду. Хай мы ўсяго толькі саджанцы без лісця і бутонаў, але мы — частка Твайго кветніка. Кармі ж гэты парастак шчодрасцю аблокаў Твае пяшчотнае міласці, ажыўляй і асвяжай гэты саджанец жыватворным дыханнем Твае духоўнае вясны. Дазволь яму зрабіцца чуйным, пранікнёным і высакародным, дай яму дасягнуць жыцця вечнага і быць у Царстве Тваім на вечныя вякі.
Абдул-Баха

Белорусский рейтинг MyMinsk.com